У першую ж ноч ад святой іконы пачало сыходзіць яркае ззянне, сярод лесу станавілася светла, як днём. I так паўтаралася некалькі разоў. Манахі шчыра маліліся, і для іх стала зразумела, што Дзева Марыя дае ім знак спыніцца ў гэтым месцы на сталае жыхарства. Тут яны вырашылі і застацца.
Перад самым спускам у даліну ракі заснавалі манастыр з царквой у гонар Святога Іліі.
Святая ікона Божай Маці не пераставала праяўляць невы-тлумачальныя цуды. Сюды пачалі сцякацца шматлікія натоўпы паломнікаў, а набожныя хрысціяне вакол манастыра пачалі будавацца. Хутка непадалёку ад Магілёва з'явілася паселішча. Яно атрымала назву ад першага цуда - Белы(я) ночы (па- ўкраінску ноч-ніч). У выніку атрымалася назва Бялынічы, адпаведна і святая цудатворная ікона стала называцца Бялыніцкай.
3 XVI ст. Магілёўшчына ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а з 2-й палавіны XVI ст. - у састаў Рэчы Паспалітай. Пачалі будавацца каталіцкай кляштары. У 1624 г. у Бялынічах з'явіўся ордэн кармелітаў, імі быў узведзены касцёл.
У 1635 г. у Бялынічах адбыўся пажар. Загарэлася царква і іншыя пабудовы Свята-Ільінскага праваслаўнага мужчынскага манастыра. Аднак цудатворная ікона засталася непашкоджанай і была перанесена ў касцёл. I сюды, у касцёл, да Бялыніцкай іконы Прасвятой Дзевы Марыі прыходзілі маліцца і атрымлівалі дапамогу не толькі каталікі, але і праваслаўныя. У выніку гэтага ікона была прызнана каталікамі святыняй, а ў 1755 г. каранавана.
У XVIII ст., пасля падзелу Рэчы Паспалітай, Магілёўшчына ўвайшла ў склад Расіі. У 1831 г. у Беларусі адбылося паўстанне, у якім каталіцкае духавенства часткова падтрымлівала паўстанцаў. Гэта і паслужыла прычынай закрыцця Бялыніцкага кляштара. Але цудатворная ікона Божай Маці яшчэ болын сарака гадоў знаходзілася ў касцёле.
У 1863 г. адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. У 1876 г. будынак касцёла разам з цудатворнай іконай перадалі праваслаўным вернікам. У 1877 г. у Бялынічах быў узведзены Раство-Багародзіцкі праваслаўны манастыр, у якім галоўнай святыняй стала цудатворная ікона. У канцы XIX ст. Бялынічы штогод наведвала больш за 10 тысяч багамольцаў. У Магілёўскай епархіі існаваў нават такі звычай: перш чым здзейніць паломніцтва ў Кіева-Пячорскую лаўру ці ў Пачаеў, імкнуліся наведаць Бялыніцкі манастыр.
У сярэдзіне 20-х гг. XX ст. манастыр быў закрыты, цудатворная ікона Бялыніцкай Божай Маці перададзена ў краязнаўчы музей г. Магілёва, дзе быў і Крыж Еўфрасінні Полацкай. Пасля эвакуацыі экспанатаў музея ў 1941 г. звестак пра месцазнаходжанне цудатворнай іконы няма.
Крыніца: БЯЛЬІНІЦКАЯ ІКОНА БОЖАЙ МАЦІ, у: У. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч (рэд.), Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы, Мінск 2013, с. 152-154.