^ Наверх
facebook

Сінод 2021-2023

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

Пятница, 04 Октябрь 2013 01:05

Бялыніцкі абраз Маці Божай

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Бялыніцкі абраз Маці Божай

Нашыя продкі называлi Бялынічы «беларускiм Чэнстаховам». Абраз Мацi Божай, якi знаходзiўся ў тутэйшым касцёле кармэлiтаў, у ХVІІІ–ХІХ стст. збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй з далёкіх ваколіцаў.

 

У 1761 г. ён быў урачыста ўкаранаваны асвячонымi ў Рыме каронамi, а напярэдадні падзеi выйшла кніжка з апісаннем гісторыі абраза.[1] Адразу пасля заснавання канцлерам Львом Сапегам кляштара кармэлiтаў у Бялынiчах (1624 г.) манахi беспаспяхова старалiся набыць для свайго храма абраз Мацi Божай, аднак у тым глухiм краi на той час добрага мастака знайсцi было цяжка. І вось аднойчы прыйшоў да брамы кляштара малады пiлiгрым, які паабяцаў прыёру намаляваць абраз Найсвяцейшай Мацi Божай i сказаў, каб манахі спявалi лiтанiю ў той час, калі ён будзе працаваць. Яшчэ не скончылася лiтанiя, а мастак, намаляваўшы толькi прыгожыя твары Мацi Божай i Пана Езуса, сказаў манахам, што Мацi Божая сама сябе аздобiць у наступным годзе, і на вачах усiх дзiўным чынам знiк. Толькі тады манахі здагадаліся, што гэта быў не просты мастак, а пасланец неба. Адбылося гэта ў 1634 г., а ў 1635 г. маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштаф Завiша аздобiў абраз каштоўнай шатай, ахвяраваў вечную лампаду да яго i розныя воты. Затым абраз i алтар узбагацiў падканцлер Казiмiр Леў Сапега.

 

Жэгота Паулi ў 1-й палове ХІХ ст. напiсаў, што старадаўнi абраз Багародзіцы падараваны праз Льва Сапегу бялыніцкім кармэлiтам у 1623 г. манахамi Куцеiнскага манастыра. У пачатку ХХ ст., калі кляштар ужо быў праваслаўным, царкоўныя гісторыкі сцвярджалі, што абраз з’явiўся ў Бялынічах у XVI ст., i само заснаванне тут кармэлiтаў было знакам яго шанавання, аднак гэтая версiя яшчэ меней абаснаваная гістарычнымі дакументамі, чым паданне пра мастака-анёла. Не вытрымлівае гістарычнай крытыкі легенда пра тое, нібы абраз у ХІІІ ст. быў прынесены ў Бялынічы ў Іллінскую царкву манахамі з Кіева-Пячэрскай лаўры, а ў кармэліцкі кляштар трапіў пасля Брэсцкай уніі. Няма ніякіх сведчанняў пра існаванне ў ХІІІ ст. Бялынічаў як паселішча, а тым болей няма згадак пра Іллінскую царкву. У апошні час гісторыя бялыніцкай іконы расквечана проста фантастыкай: яна нібыта была вядома ў Кракаве раней за Х ст., што сведчыць пра далёкае праваслаўнае мінулае Польшчы, а пазней натхніла Францішка Скарыну на выданне Бібліі.[2]

 

У 1660 г., калi ўзнікла ваенная пагроза, законнiкi вырашылi адвезцi абраз з усiм срэбрам i касцёльным начыннем у Кракаў. Аднак Бог у бясконцай сваёй дабрані, відаць, не захацеў, каб гэты абраз з Лiтоўскага краю быў аддалены. Ён зрабiў так, што калі законнікі з абразом праязджалі міма Ляхавiцкай фартэцыі, яны былi затрыманы невядомай сілай і конi нiяк не маглi пайсцi далей. Вестка пра гэты цуд дайшла да Станiслава Мiхала Юдзiцкага, генерала каманды ў Ляхавiцкай фартэцыi, якi, выйшаўшы з духавенствам, прыняў абраз i праводзiў яго да фартэцыi. Два законнiкi засталiся пры абразе для яго аховы, а астатнiя з касцёльным срэбрам паехалi ў Кракаў.

 

Неўзабаве вялiкая маскоўская сіла аблажыла Ляхавiцкi замак i з 23 сакавіка да 20 чэрвеня штурмавала яго, ды яшчэ прыйшоў са значным войскам Хаванскi, які насмiхаўся i казаў: «Як гэта той каробкi не здабыць!» Але вялiкi жаўнер i добры слуга Мацi Божай Юдзіцкі натхняў рыцарства да мужнага бою, а духавенства i насельніцтва заклікаў, каб днi i ночы прасілі Маці Божую аб дапамозе. I былi пачуты малiтвы, бо сама Найсвяцейшая Панна паказалася, страшэнна напалохаўшы непрыяцеляў, i дадавала слабым сiлам абаронцаў сваю сілу. Нарэшце Хаванскi, страціўшы мноства воінаў, адышоў з сорамам i праз тыдзень быў разгромлены пад Палонкай Стэфанам Чарнецкім i Паўлам Сапегам. Сучаснiкi пiсалi: «Як у Польшчы ад шведаў Чэнстахоўскiм абразом фартэцыя была абаронена, так у Лiтве Ляхавiцкая ад маскоўскай аблогі была вызваленая». Станiслаў Юдзiцкi ахвяраваў абразу вотум-табліцу са срэбра з алавянай куляю, якой быў паранены пад Вiльняю. На табліцы была наштыхавана выява Мацi Божай над Ляхавiцкай фартэцыяй з надпiсам вакол галавы «Obrona Lachowicka, poczatek wojen wygranych», а над фартэцыяй напiсаны ўдзячны верш.[3]

 

У 1-й палове XVIII ст. зафiксаваны цудоўныя вылячэннi i выратаваннi пры заступнiцтве бялынiцкага абраза Маці Божай, але існуюць супярэчлівыя звесткі пра тое, дзе ён у гэты час знаходзiўся. Вядомы гiсторык марыяграфii В. Навакоўскi сцвярджаў, што кармэлiты вярнулi абраз у Бялынiчы пры дапамозе Тэафiлi Сапежыны з Ябланоўскiх, жонкi крайчага лiтоўскага Юзафа Сапегi, толькi ў 1760 г., калi ўжо iшла падрыхтоўка да каранацыi.[4] Аднак гэтае меркаванне памылковае ўжо хоць бы таму, што Сапега ажанiўся з Ябланоўскай толькi ў 1761 г. Да таго ж, нелагічнымі выглядаюць захады аб каранацыі ў Бялынічах абраза, які знаходзіцца ў Ляхавічах ці ў іншым месцы.

 

Вядомы касцёльны гісторык і архівіст Я. М. Гiжыцкi (Валыняк), хоць i падае дату вяртання абраза 1760 годам, аднак выказвае наконт яе сумненне, спасылаючыся на дакумент з архiва львоўскiх кармэлiтаў аб верыфікацыі цудатворнасцi абраза перад яго каранацыяй. Маршалак ВКЛ Iгнацы Агiнскi, пiсар ВКЛ Антонi Пац i прыёр бялыніцкага кляштара Казiмiр Радзiнскi звярнулiся да бiскупа вiленскага Мiхала Яна Зянковiча з просьбай апрабаваць цуды Мацi Божай Бялынiцкай. 27 лiстапада 1755 г. камiсiя ў складзе обалецкага пробашча архiдыякана беларускага Яна Шумскага i дзекана бабруйскага Юзафа Крычскага прыехала ў Бялынiчы, каб заслухаць пад прысягай аповеды сведак i вывучыць кнiгу запiсаў цудаў абраза. Запiсанымi ў кнізе аказаліся 16 выпадкаў вылячэнняў, пачынаючы з 1706 г. Такім чынам, ва ўсякім разе ў пачатку XVIII ст., абраз ужо знаходзiўся ў Бялынiчах. Бiскупская камiсiя агледзела таксама нейкія карціны («вiзарункi») з падпісанымі iлюстрацыямi цудатворных эпiзодаў. На жаль, гэтыя карцiны да нас не дайшлi, але iх змест пададзены Я. М. Гіжыцкім, напэўна, паводле львоўскага рукапісу.[5] З подпiсаў на карцінах вынiкае, што ўжо ў 1671 г. абраз знаходзiўся ў Бялынiчах, якiя тады разам з Магiлёвам і Шкловам належалi да Аршанскага павета. Пазнейшыя дакументы XIX ст. пра бялынiцкую iкону з архiва Магiлёўскай архiдыяцэзii паведамляюць, што абраз быў вывезены ў Ляхавiчы ў 1660 г., а прывезены назад у 1665 г. пры пасярэднiцтве лiтоўскага крайчага Паўла Сапегi з жонкай.[6] Магчыма, тут маецца на ўвазе Бэнэдыкт Павел, крайчы ў 1670 г. і стараста аршанскі ў 1675–1676 гг.

 

Паводле высноваў камiсii, бiскуп прызнаў абраз цудатворным, i неўзабаве Папа Рымскi дазволiў яго каранаваць. Урачыстасць адбылася ў новым, мураваным, касцёле Унебаўзяцця Багародзіцы 8 верасня 1761 г. Інiцыятарамi i фундатарамi ўрачыстасцi былi Iгнат, Тадэвуш i Алена Агiнскiя, а таксама Радзівілы. Прайшла яна надзвычай пышна. У Бялынiчы iшлi працэсii трынiтараў з Вiцебска, дамiнiканцаў з Оршы, кармэлiтаў з Мсцiслава. Для салютавання прывезлi 30 гарматаў «з Лiтвы» i Быхава.[7] У далейшым дзень каранацыi (8 верасня, свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі) стаў у Бялынiчах найвялікшым фэстам нараўне з патранальным святам закону кармэлітаў — Мацi Божай Шкаплернай (16 лiпеня).

 

У новым касцёле абраз знаходзiўся над галоўным алтаром у нiшы, да якой вялi мураваныя сходы (верагодна, накшталт капліцы ў вiленскай Вострай Браме). Працытуем адно з апісанняў: «...Вялікімі цудамі слынны абраз намаляваны на дрэве цудоўна. Шата сярэбраная пазалочаная ў раме сніцарскай работы пазалочанай. Карона абраза з чыстага золата з рознымі камянямі, таксама і ў Пана Езуса...Уверсе над абразом сярэбраная карона пазалочаная і два анёлкі пры ёй...».[8] Дапамогi ў абраза шукалi людзi рознага стану: у пералiку вотаў пач. XIX ст. сустракаюцца залатыя пярсцёнкi з брыльянтамі і іншымі каштоўнымi камянямi i ордэнскiя знакi. Падобна на тое, што абраз і воты не пацярпелі нават у час вайны 1812 года. Шата, а таксама кароны з гербамi Папы Бэнэдыкта XIV, Радзiвiлаў i Агiнскiх, зробленыя ў Рыме ў 1756г., ацалелі на абразе i пасля пажару 1859г.[9]

 

Вялiкi ўплыў абраза на навакольнае насельнiцтва розных веравызнанняў стаў галоўнай прычынаю скасавання кляштара (1832 г.), а пазней і касцёла. У 1876 г. касцёл быў пераасвячоны ў царкву на працягу адной ночы з 11 на 12 красавiка так імкліва, што католiкi не паспелi вынесцi цудатворны абраз са сваёй святыні, і 12-га красавiка стала днём праваслаўнага святкавання абраза.

 

Як з’яўленне так i знiкненне бялынiцкага абраза ахутана таямнiцай. В. Навакоўскi сцвярджаў, што ў час знiшчальнага пажару за некалькi гадоў да скасавання касцёла (у 1859г.?) ксёндз Гадлеўскi ўратаваў абраз, але, прадбачыўшы закрыццё касцёла, у новы алтар змясцiў копiю, а цудатворны абраз захаваў «у надзейным месцы, дзе ён знаходзiцца i цяпер».[10] На чые звесткi абапiраўся В. Навакоўскі і што гэта за «надзейнае месца», невядома. Кс. Гадлеўскi памер 10 лютага 1876 г. і быў пахаваны ў Бялынічах, дзе і цяпер некаторыя людзі вераць, што абраз схаваны тут ці дзесьці паблізу. У кармэліцкім асяроддзі ў Польшчы выказваецца думка, што бялыніцкі абраз цяпер знаходзіцца ў касцёле кармэлітаў у Волі Гулоўскай Сядлецкай дыэцэзіі.[11]

 

Праваслаўныя гісторыкі лiчылi, што цудатворны абраз застаўся у царкве і, здаецца, на ранейшым месцы ў алтары. Да яго з абодвух бакоў узнімаліся металічныя сходы.[12] Няма рэальных звестак пра лёс абраза пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года. Шату і кароны з яго новыя ўлады, безумоўна, абадралі ў 1921–1922 гг. падчас кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў «для дапамогі галодным Паволжжа». Цяпер лічыцца, што ў 1930-я гг., калі царква была зачынена, абраз трапіў у Магiлёўскi абласны краязнаўчы музей і знiк адтуль у час вайны 1941–1945 гг., у Беларусі не захавалася нават яго фотафiксацыi.

 

У пачатку ХХ ст. былі надрукаваны літаграфіі з абраза, а ў некаторых цэрквах Магілёўшчыны захаваліся яго копіі канца XIX – пачатку XX ст., якія не перадаюць дакладна мастацкіх якасцяў пратографа. З касцёльных вопiсаў можна даведацца толькі, што абраз быў намаляваны на дошцы, меў «ясны каларыт»; з гiсторыi з’яўлення можна дапусціць, што на дошцы намаляваны былi толькi твары Марыі і Езуса. Прыгажосць абраза падкрэсліваюць праваслаўныя аўтары канца XIX ст.: «Несмотря на древность иконы, высокое искусство сохранило в изображении лика необычайную свежесть красок...».[13]

 

Меркаваць пра iканаграфiю слыннага абраза можна ў агульных рысах па некалькiх копiях канца XIX ст., нешматлікіх гравюрах і літаграфіях. Найбольш ранняя з iх выканана ў 1760-я гг. Якубам Лабiнгерам досыць абагульнена: вроцлаўскі гравёр, хутчэй за ўсё, не бачыў самога абраза. Шматлiкiя абразкi-медалi 1-й пал. XIX ст., як iконаграфiчныя крынiцы, каштоўнасцi не ўяўляюць. У наш час найбольш блiзкiмі да арыгiналу копіямі бялынiцкага абраза можна лічыць два абразы сярэдзiны XVII ст.: а) абраз нясвіжскага паходжання, на дошцы — у касцёле ў Новай Мышы, б) абраз на палатне з царквы ў Тарэйках (цяпер у МСБК IМЭФ НАН). Мяркуючы па іх поўным падабенстве, яны маглі быць намаляваны з абраза-пратографа, калi той знаходзiўся непадалеку ў Ляхавiчах (1654–1665). Вельмі блізкім іконаграфічна да згаданых абразоў з Тарэек і Нясвіжа з’яўляецца абраз Маці Божай Бялыніцкай ХVІІІ ст., які паходзіць з аднаго з касцёлаў Вільні, у Мастацкім музеі Літвы.

 

Мацi Божая Бялынiцкая належыць да тыпу Адзiгiтрый з Дзiцем на левай руцэ, характэрная іконаграфічная рыса — становiшча правай рукi, апушчанай унiз да самага краю, нiбы пад цяжарам скiпетра. Твар у тры чвэрцi звернуты да Дзiцяцi, галава Езуса злегку адхілена назад, у левай — дзяржава, правая прыўзнята ў благаслаўленнi i выразна паказвае на Мацi. Над галавой Марыi — залатая карона, якую падтрымлiваюць два анёлы. Фон чорны, адзеннi таксама цёмных колераў, яркай асветленасцю выдзелены твары: у воблiку Марыi традыцыйны iканапiсны iзвод спалучаны з прыгожымi рысамi рэнесансавага жывапiсу, Езус наогул нагадвае хлопчыкаў з карцiн iтальянскiх мастакоў эпохi Рэнесансу, што сведчыць пра «заходняе» паходжанне iканаграфii абраза, хоць нельга адмаўляць усходнехрысціянскага тыпа твару Марыі. Іконаграфічны тып Мацi Божай Каралевы Нябесаў са знакамi царскай улады Н. П. Кандакоў выводзiў з мастацтва Iталii. Да праваслаўнай традыцыі адносіцца і маляванне абразоў «пад аклад», калі нагадаць легенду пра маляванне анёлам толькі твараў Марыі і Езуса. Такое спалучэнне сведчыць аб прыналежнасці абраза да беларускай іканапіснай школы, заснаванай на дзвюх вялікіх мастацкіх традыцыях хрысціянскага Усходу і Захаду, расквітнелай у 1-й палове ХVІІ ст. Тады ж на ўсходзе Беларусі становяцца вядомымі аршанскі (куцеінскі) абраз, баркалабаўскі, тупічаўскі, басценавіцкі «Неўвядальны Цвет». Дэкаратыўныя залатыя кароны i скiпетр на тарэйкаўскiм абразе, верагодна, нагадваюць першапачатковыя аздобы бялынiцкага абраза 1-й пал. ХVІІ ст. На віленскай копіі ХVІІІ ст., а таксама на царкоўных копiях ХІХ ст. ужо намаляваны кароны iншай формы, напэўна, «каранацыйныя», асвячоныя ў Рыме (1755–1761 гг.).

 

На працягу ХVІІ–ХІХ стст. бялынiцкi абраз стаў прататыпам для многiх копiй. Пашыраць яго культ павiнны былi перш за ўсе кармэлiты. Вядомы з 1682 г. цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай у іх варшаўскiм касцёле на Лешне загiнуў у паўстанні 1944 г. Існавала кніга яго цудаў за 1725–1836 гг.[14] Інвентар магiлёўскага кармэліцкага касцёла за 1693 г. згадвае цудатворны абраз Маці Божай з каронамi i мноствам вотаў, тое ж адзначана ў 1818 г. у Княжыцкай фiлii Магiлёўскага канвента. Іх iканаграфiя невядома, але, напэўна, гэта былі копіі бялыніцкага абраза. Брацтву віленскіх злотнікаў належаў у капліцы св. Барбары касцёла св. Яна алтарны абраз Маці Божай Бялыніцкай, які ўяўляў з сябе срэбраны плоскі рэльеф памерам 20х18 см, замацаваны на дошцы. На адвароце дошкі меўся надпіс: «Ofiara starszego F. Dysmowicza Roku 1852 pazdziernika 1 dnia».[15]Дайшоўшыя да нашага часу абразы Мацi Божай Бялынiцкай з-пад Нясвіжа, Мядзеля, Глыбокага, Вільні, Лiдыі іншых месцаў сведчаць, што вядомасць гэтай цудатворнай святыні і яе шанаванне выходзіла далека за межы Магiлёўшчыны, дасягаючы Вільні, Варшавы іКракава.

 

Крыніца: Аляксандр ЯРАШЭВІЧ, БЯЛЫНІЦКІ АБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ, у: http://media.catholic.by/nv/n39/art11.htm.



[1] Informacja krótka, de origine Obrazu M.N. Białynickiej, wielkimi Cudami slynącego, A którego za wyszlą już Bullą y Dekretem Najwyższej Stolicy Apostolskiej, w krótkim czasie ma nastąpić Koronacja.

[2] Алена Яскевіч. Падзвіжнікі і іх святыні.Мн., 2001. С. 60–61.

[3] O cudownym obrazie Matki Boskiej w kościele oo. karmelitów w Białyniczach. Wiadomości historyczne, zebrane przez x. Wacława Kapucyna. Kraków, 1899.

[4] Informacja krótka, de origine Obrazu M.N. Białynickiej...

[5] Wołyniak (J.-M. Gizycki). Z przeszłosci karmelitłw na Litwie i Rusi. Cz. II. Kraków, 1918. S. 81–87.

[6] Нац. гіст. архіў Беларусі (НГАБ) у Мінску, ф.1781, воп.2, адз. зах. 6204, л.9.

[7] Урачысты акт апiсаны ў спецыяльных тагачасных выданнях «Ĕŕjestat super omnes coronas...Deipare Virgo Maria» i «Addytament do gazet...aktu koronacji» (1761).

[8] Iнв. 1818 г. – НГАБ, ф. 1781, воп. 26, адз. зах. 1437, л.1

[9] НГАБ, ф. 2380. воп. 1, адз. зах. 8.

[10] O cudownym obrazie Matki Boskiej w Białyniczach. Kraków, 1899.

[11] Miejsca њwiкte Rzeczypospolitej. Leksykon. Krakуw. Znak. c.30, 364.

[12]Ф. Жудро. Белыничский Рождество-Богородичный монастырь. Могилев, 1910.

[13] Софья Снесарева. Земная жизнь Пресвятой Богородицы и описание святых чудотворных ее икон. СПБ. 1898 (Репринт, Ярославль. 1998). С.135–136.

[14] O cudownych obrazach NMP w Polsce. (Nowakowski W.). Kraków, 1902. № 976.

[15] O cudownych obrazach NMP w Polsce. № 1023.

Прочитано 4359 раз Последнее изменение Четверг, 10 Октябрь 2013 10:13
Другие материалы в этой категории: Бялыніцкая ікона Божай Маці »

Наведвальнікі

6477965
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
277
1266
2733
6466641
2733
44997
6477965
Your IP: 18.97.14.87
Server Time: 2024-12-03 03:06:03
Счетчик joomla