1754г. - заснаванне святыні ў мястэчку Раманава (сучанае Леніно) паводле фундацыйнага акту князя Радзівіла. Паводле некаторых дадзеных, праўдападобна драўляны касцёл ў м. Раманава быў спачатку прыхадскім. Тытул каталіцкага храма – Святой Тройцы.
1759г. – пры апісанні мястэчка ўспамінаецца м.інш. касцёл з плябаніяй
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Раманаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1774 Кацярына II падаравана мястэчка князям Дандуковым-Корсакавым.
1808г. – князі Дандукавыя-Корсакавыя звяртаюцца да імператара Аляксандра, аб тым, каб Магілёўскай кансісторыяй была звернута ўвага на заняпалы стан каталіцкага храма святой Тройцы ў м. Раманава і агучваецца прапанова знішчыць святыню.
Паводле рапарту кс. Блажаевіча, скіраванага да Мітрапалітальнага Кансісторыя ў Магілёве, “касцёл мае фундамент, сцены і вуглы моцныя і невыгнутыя, якія патрабуюць толькі новага абшалявання і перакрыцця даху, а таксама бабінец касцёла, які не звязаны са святыняй, але прыстаўлены, дык ён знаходзіцца ў руінах.” Як зазначае аўтар дакументу, душпастырскае служэнне ў Раманава нёс у той час кс. Вайцехоўскі, які знаходзіўся ў даволі сталым веку – 70 гадоў, а таксама меў праблему са здароўем, аб якой ведалі ўсе.
1839г. – зварот кіраўніка Міністэрства Унутраных Спраў да Магілёўскага генерал-губернатара адносна знішчэння каталіцкай святыні ў м. Раманава:
“Паводле хадайніцтва Прасвяшчэннага Архібіскупа Магілёўскага, каб з-за недахопу магчымасцей здзейсніць рамонт праваслаўнай прыхадской царквы мястэчка Раманава Аршанскага павету, якое прыналежыць князям Дандуковым Корсакавым, дазволена было разабраць ветхі Лацінскі касцёл, які там знаходзіцца і годны гэтага гадоў”. Адначасова, аўтар звароту звяртае ўвагу на тое, што ў святыні ўжо на працягу 10 гадоў не здзяйсняюцца багаслужэнні.
20 лютага 1840г. – успамін аб Раманаўскай каталіцкай святыні ў “Ведамасць аб Рымска-Каталіцкім Горацкім прыходзе” – ён успамінаецца як філіяльная капліца. У дакуменце знаходзім наступную інфармацыю: “у філіяльных капліцах багаслужэнні здзяйсняюцца падчас вялікоднай споведзі і па меры неабходнасці, а ў Раманаўскай капліцы па прычыне ветхасці багаслужэнняў няма”. З ведамасці даведваемся таксама, што ўжо ў мястэчку было няшмат каталікоў – усяго 7 асоб.
31 верасня 1840г. – працяг справы адносна знішчэння касцёла святой Тройцы ў Раманаве. Кіраўнік Міністэрства Унутраных Спраў ізноў звяртаецца да Магілёўскага генерал-губернатара наконт ліквідацыі раманаўскай святыні. У звароце ён паведамляе аб тым, што “Рымска-каталіцкая духоўная Калегія просіць даволу аб продажы будынка дадзенага касцёла з публічнага торгу і скіраванні выручаных грошай у склад дапаможнага капіталу духавенства ведамства”
Нажаль, далейшы лёс Раманаўскай святыні невядомы. З упэўненасцю можам сказаць, што ўжо ў 1880г. будынак касцёла дакладна не існаваў, паколькі не ўспамінаецца ў Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў, хоць у кнізе зазначаецца, што ў той час ў мястэчку яшчэ было некалькі каталікоў.
Выкарыстаная літаратура:
Акт фундацыйны касцёла ў Раманаве, у:НГАБ, фонд 1781, вопіс 2, справа 93, ліст 22, 22аб, 23, 23аб.
Зварот князёў Дандуковых-Корсакавых да імператара Аляксандра Паўлавіча з 1808г., у: НГАБ, фонд 1781, вопіс 2, справа 93, ліст 1-1аб.
Рапарт кс. Блажаевіча да Мітрапалітальнага Кансісторыя ў Магілёве (1808), у: НГАБ, фонд 1781, вопіс 2, справа 93, ліст 5.
Зварот кіраўніка Міністэрства Унутраных Спраў да Магілёўскага генерал-губернатара адносна знішчэння каталіцкай святыні ў м. Раманава (1839г), у: НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11281, лісты 1,1аб,2.
Ведамасць аб Рымска-Каталіцкім Горацкім прыходзе, у: НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11769, лісты 72аб, 73.
Зварот Кіраўніка Міністэрства Унутраных Спраў да Магілёўскага генерал-губернатара наконт ліквідацыі раманаўскай святыні (31.09. 1840г.), у: НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11281, ліст 10-10аб.
Romanowo (10) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888 с. 730.
Гістарычны нарыс Горацкай парафіі, у: http://kasciol.by/index.php/en/parafiya/gistoryya-parafii/item/56-gistarychny-narys-goratskaj-parafii.