^ Наверх
facebook

Сінод 2021-2023

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

Среда, 08 Январь 2014 19:11

Гістарычны нарыс Горацкай парафіі

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

Прадстаўляем кароткі нарыс гісторыі нашай парафіяльнай супольнасці. Канешне, гэты артыкул не адлюстроўвае цалкам дзеі каталіцтва ў Горках (на жаль, існуе на сённяшні дзень шмат “белых плям”, а нават супярэчанасцей). Тым не менш, прадстаўленая інфармацыя паказвае, што Каталіцкі Касцёл на нашай зямлі мае сваю багатую і трагічную гісторыю. А ведаем, што без ведання свайго мінулага немагчыма будучыня…

 

 

 

Гістарычны нарыс Горацкай парафіі

Дакладная дата заснавання каталіцкага парафіі ў мястэчку Горкі невядомая.[1] З упэўненасцю можам сказаць, што ў 1676г. існавала ў Горках  супольнасць каталікоў.[2]

 

24 сакавіка 1697г. – у Горках прыпыняўся на начлег на шляху ў Італію стольнік Пятра І Талсты П.А., які ў сваім дарожным дзённіку зрабіў запіс аб тым, што ў горадзе пабудаваны праваслаўная царква, 2 уніяцкія, касцёл і яўрэйскі малітоўны дом.[3]

 

XVIIст. – паўстанне грэка-каталіцкай прыхадской школы (пры падтрымцы Льва Сапегі);[4]

1709г. – заснаваннерымска-каталіцкага касцёла Небаўзяцця Божай Маці ўладальнікам Горацкага маёнтка Сапегі. Касцёл быў драўляны, парафіян у ім лічылася 613 асоб, але большая частка з іх была з навакольных паветаў - Аршанскага, Копыскага, Чавускага, Мсціслаўскага, і яны наведвалі касцёлы, што былі бліжэй да іх месца жыхарства. [5]  

1754г. - заснаванне святыні  ў мястэчку Раманава (сучанае Леніно) паводле фундацыйнага акту князя Радзівіла[6].Паводле некаторых дадзеных, праўдападобна драўляны касцёл ў м. Раманава быў спачатку прыхадскім.[7]Тытул каталіцкага храма – Святой Тройцы.[8]

1754г. – Іезуітамі пабудаваны касцёл.[9] Магчыма, што гэтая святыня мела тытул св. Андрэя Баболі.[10]

1808г. – князі Дандукавыя-Корсакавыя звяртаюцца да імператара Аляксандра, аб тым, каб Магілёўскай кансісторыяй была звернута ўвага на заняпалы стан каталіцкага храма святой Тройцы ў м. Раманава і агучваецца прапанова знішчыць святыню.[11] Паводле рапарту кс. Блажаевіча, скіраванага да Мітрапалітальнага Кансісторыя ў Магілёве, “касцёл мае фундамент, сцены і вуглы моцныя і невыгнутыя, якія патрабуюць толькі новага абшалявання і перакрыцця даху, а таксама бабінец Касцёла, які не звязаны са святыняй, але прыстаўлены, дык ён знаходзіцца ў руінах.” Як зазначае аўтар дакументу, душпастырскае служэнне ў Раманава нёс у той час кс. Вайцехоўскі, які знаходзіўся ў даволі сталым веку – 70 гадоў, а таксама меў праблему са здароўем, аб якой ведалі ўсе. [12]

1839г. – зварот кіраўніка Міністэрства Унутраных Спраў да Магілёўскага генерал-губернатара адносна знішчэння каталіцкай святыні ў м. Раманава:

“Паводле хадайніцтва Прасвяшчэннага Архібіскупа Магілёўскага, каб па недастатковасці магчымасцей здзейсніць рамонт праваслаўную прыхадскую царкву мястэчка Раманава Аршанскага павету, якое прыналежыць князям Дандуковым Корсакавым, дазволена было разабраць ветхі Лацінскі касцёл, які там знаходзіцца і годны гэтага гадоў”.[13] Адначасова, аўтар звароту звяртае ўвагу на тое, што ў святыні ўжо на працягу 10 гадоў не здзяйсняюцца багаслужэнні.[14]

1839 – аднаўленне і рамонт Горацкага касцёла.[15]

20 лютага 1840г. - з дакумента пад назвай “Ведамасць аб Рымска-Каталіцкім Горацкім прыходзе” вынікае наступнае:

а) Да парафіі прыналежылі наступныя мясцовасці:

мястэчка Горкі, фальваркі Сава, Спас, Шырокія, Кулакоўшчына, Собалева, Пузікі, Сцяпанаў, Кацярынінгоф, Сафіянпаль, Нікольск, Леанпаль, Іванава, Вінянцы, Сяморжа, Малькі, Наталін, Рудкоўшчына, а таксама вёскі Цеплухі, Крыўцы, Аршаны, Ніўцы, Тосна, Целяшоўка, Гарадзецк, Сапрыкі, Гузараўшчына, Каралёўка, Лугіны, Крыўцы, Пузікі, Старакожаўка, мястэчка Горы, а таксама хутары: Берэзетня, Несцерава, Атокі, Шэршнева, Посахава, Падзерні, Кураўшчына, Кадзін, Вышоў, Сакалова, Цімохаўка, а таксама ваколіцы Кацельнікі, Селішча, Варнавін, Пузырова, Сакалоўшчына, Свяцілаўка, і мястэчка Раманава з засценкам Сакалоўшчына.[16]

б) Агулам вернікаў налічвалася 344 асобы[17].

в) Парафіяй апекаваліся 3 святары: настаяцель кс. Караль Зубржыцкі, а таксама вікарыі – кс. Язафат Юржынскі і кс. Юрый Хлюдзінскі.[18]

г) Душпастырская дзейнасць рэалізавалася ў 4 месцах: мястэчку Горкі (парафіяльная святыня), а таксама ў мястэчках Горы, Раманава і Кадзін(філіяльныя капліцы). Як зазначае кс. Караль у дакуменце, “у філіяльных капліцах багаслужэнні здзяйсняюцца падчас вялікоднай споведзі і па меры неабходнасці, а ў Раманаўскай капліцы па прычыне ветхасці багаслужэнняў няма”.[19]

31 верасня 1840г. – працяг справы адносна знішчэння касцёла святой Тройцы ў Раманаве. Кіраўнік Міністэрства Унутраных Спраў ізноў звяртаецца да Магілёўскага генерал-губернатара наконт ліквідацыі раманаўскай святыні. У звароце ён паведамляе аб тым, што “Рымска-каталіцкая духоўная Калегія просіць даволу аб продажы будынка дадзенага касцёла з публічнага торгу і скіравання выручаных грошай у склад дапаможнага капіталу духавенства ведамства”.[20]

1844г. – Горацкі касцёл меў невялічкую сядзібу ў 7 дзесяцін зямлі, фальварак Шыманоўку ў 28 дзесяцін і быў залічаны ў чацвёртую ступень штатных казённых касцёлаў з пенсіяй у 275 рублёў у год.

1845г. - святар Горацкага касцёла звярнуўся ў Земляробчую школу з просьбай аб грашовай субсідыі ў памеры 120 рублёў, у той час у ліку парафіян было 44 яе вучні. Дырэктар Земляробчай школы Пэйкер накіраваў просьбу ў Пецярбург. Міністр Кісялёў назначыў штогадовую субсідыю ў памеры 100 рублёў.[21]

1856г. – паводле гісторыкаў, у Горках жыло 239 мужчын і 40 жанчын каталіцкага веравызнання.[22]

1859г.  у  штат Земляробчага інстытута быў уведзены каталіцкі настаўнік. У гэты час служэнне ў Горках нясуць кс. Манюшка і кс. Дабравольскі.

15 верасня 1861г. – горацкія студэнты наладзілі дэманстрацыю ў касцёле.[23]

1863г. парафія стала адным з цэнтраў збору паўстанцаў. Пасля паражэння паўстання кс. Манюшка быў арыштаваны і высланы спачатку адміністрацыйна ў Пермскую губерню, а затым, пасля пазбаўлення усіх правоў і маёмасці, асуджаны да высылкі ў Томскую губерню. Лёс кс. Дабравольскага невядомы, але ў  1865г. ў касцёле нёс пастырскае служэнне ўжо кс. Камянецкі.[24]

1865 г.  У ліпені 1865 года магілёўскі губернатар Беклямішаў інфармаваў Віленскага генерал-губернатара аб неабходнасці скасавання Горацкага касцёла.

15 лістапада 1865г. выйшла прадпісанне за № 3032 аб закрыцці ў Магілёўскай губерні 19 касцёлаў, у тым ліку і Горацкага.

4 студзеня 1866г. павятовы спраўнік атрымаў прадпісанне Магілёўскага губернатара закрыць касцёл. Касцёл быў зачынены і апячатаны, маёмасць перададзена ў Дубровенскі касцёл св. Юрыя пакутніка і Фашчэўскі парафіяльны касцёл Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі.[25] На гэтым месцы быў пастаўлены драўляны крыж, які прастаяў да пачатку дваццатага стагоддзя.

2006г. – распачалося аднаўленне Горацкай парафіі;

14 лістапада 2006г. - адміністратарам з правамі пробашча прызначаны кс. Віталь Марфель, які разам з вернікамі распачынае падрыхтоўку неабходных дакументаў для рэгістрацыі парафіі.

30.05.2007г. – паводле рашэння Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту парафія атрымала дзяржаўную рэгістацыю і юрыдычны адрэс (вул. Калініна 5). [26]

2008-2011гг. – пастырскае служэнне ў Горках выконваў а. Юрый Находка OCD, кармеліт з Мінска. У сувязі з неабходнасцю парафія была вымушана набыць іншае памяшканне – па адрэсе: г. Горкі, завул. Валадарскага 10.

2011- 26.09.2013г. – парафіяй апекаваўся кс. Роберт Мацееўскі з Мсціслаўя (у той час – дэкан Мсціслаўскага дэканату[27]).

27.09.2013г. – адміністратарам з правамі пробашча прызначаны кс. Андрэй Кеўліч[28], які распачаў служэнне ў Горках 29 верасня 2013г.; распачаўся працэс урэгулявання юрыдычнага статусу парафіі Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі (змена юрыдычнага адрэсу). Праведзены некаторыя рамонты парафіяльнага дома (замена электраправодкі, устаноўка новых вакон, прыстасаванне пакоя для жыхарства святара).

кс. Андрэй Кеўліч

Калі Вы ведаеце цікавыя факты, звязаныя з тэмай дадзенага артыкула, калі ласка, скантактуйцеся з намі:

+37529 880 99 19, Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.


[1]Паводле некаторых дадзеных - 1669г. – http://catholic.by/2/belarus/dioceses/minsk-mohilev/100355.html/

[2]Сведчыць аб гэтым факт заснавання ў Горах праваслаўнага брацтва, мэтай дзейнасці якога было змаганне супраць “апалячвання і акаталічвання”. Паводле: У. Ліўшыц, Горкі ў старажытнасці, у: Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Горацкі раён. Мінск 1996, с. 46.

[3] У. Ліўшыц, Горкі ў старажытнасці, у: Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Горацкі раён. Мінск 1996, с. 47.

[4]С. Морозова, Униатская система образования, у: http://pawet.net/library/history/bel_history/marozava/98/1/3/16/Униатская_система_образования.html.

[5] С. Скаромная, 3 гісторыі Горацкага касцёла, у: Региональные Ведомости, №49 (501) ад 03.12.2008, с. 3; Падзеі, факты, лічбы, у: Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Горацкі раён. Мінск 1996, с. 127.

[6] Акт фундацыйны касцёла ў Раманаве, НГАБ, фонд 1781, вопіс 2, справа 93, ліст 22.

[7] С. Скаромная, 3 гісторыі Горацкага касцёла, у: Региональные Ведомости, №49 (501) ад 03.12.2008, с. 3.

[8]Тытул касцёла ў Раманаве успамінаецца ў Звароце князёў Дандуковых-Корсакавых да імператара Аляксандра Паўлавіча з 1808г. Крыніца: НГАБ, фонд 1781, вопіс 2, справа 93, ліст 1.

[9]Падзеі, факты, лічбы, у: Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Горацкі раён. Мінск 1996, с. 127; Аб гэтым ускосна сведчыць гравюра “Горки в 18 столетии”, на якой бачна вежа каталіцкай святыні, у: “Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полессе” 1882.

[10] Тытул Горацкага касцёла менавіта як св. Андрэя Баболі сустракаецца ў наступных крыніцах: http://www.radzima.org/be/object/6750.html; http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Горкі.

[11] НГАБ, фонд 1781, вопіс 2, справа 93, ліст 1, 1аб.

[12]НГАБ, фонд 1781, вопіс 2, справа 93, ліст 5.

[13]НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11281, ліст 1.

[14]НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11281, ліст 1аб.

[15]Падзеі, факты, лічбы, у: Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Горацкі раён. Мінск 1996, с. 127.

[16]НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11769, лісты 72, 72аб, 73.

[17]НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11769, ліст 73.

[18]НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11769, ліст 72.

[19]НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11769, ліст 72аб.

[20]НГАБ, фонд 1297, вопіс 1, справа 11281, ліст 10аб.

[21] С. Скаромная, 3 гісторыі Горацкага касцёла, у: Региональные Ведомости, №49 (501) ад 03.12.2008, с. 3.

[22]У. Ліўшчыц, У складзе Расійскай імперыі, у: Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Горацкі раён, Мінск 1996, с. 55.

[23]Падзеі, факты, лічбы, у: Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Горацкі раён. Мінск 1996, с. 128.

[24] С. Скаромная, 3 гісторыі Горацкага касцёла, у: Региональные Ведомости, №49 (501) ад 03.12.2008, с. 3.

[25]С. Скаромная, 3 гісторыі Горацкага касцёла, у: Региональные Ведомости, №49 (501) ад 03.12.2008, с. 3; У. Завальнюк, Касцёлы Царскай Расіі, Мінск 2009, с. 189. У прыватнасці, у фашчаўскую парафію былі перададзеныя метрычныя кнігі ліквідаванага Горацкага касцёла: хростаў з 1709 да 1866гг.; шлюбаў з 1713 да 1866г.; аб памерлых з 1744 да 1865г.; дашлюбных экзаменаў з 1843 да 1865г., а таксама вота – фігуркі рознай велічыні і пробы, розныя келіхі без пробы, манстранцыя пазалочаная, званочкі – 6шт, крыжы жалезныя – 2. Крыніца: НГАБ, фонд 1781, вопіс 26, справа 1500, аркушы 164-169 адгорт.

[26] Рашэнне Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту № 11-10 ад 30.05.2007г.

[27] У кастрычніку 2013г. адбылося аб’яднанне дэканатаў Мсціслаўскага, Касцюковіцкага, Магілёўскага пад адной назвай “Магілёўскі дэканат”. Дэканам стаў кс. Павел Шылак, душпастыр з Крычава.

[28] Дэкрэт Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча № 38/д/ 13 ад 27 верасня 2013г.

Прочитано 3886 раз Последнее изменение Среда, 08 Январь 2014 19:52

Наведвальнікі

6406429
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
1047
1482
1047
6394221
19719
44269
6406429
Your IP: 35.173.48.18
Server Time: 2024-10-13 19:03:19
Счетчик joomla