“Эксцэленцыі, гэта ваша святыня, ваш народ, вы заручаны з гэтым народам, і радуйцеся гэтаму святу! Дарагія святары, калі гэтыя людзі сёння тут, – гэта значыць, што хтосьці паклапаціўся пра іх. Законнікі і законніцы, вы – душа гэтага народа, якая моліцца, і яна перадалася народу ў малітве. І вы, дарагія браты і сёстры, якія напоўнілі сёння гэты пляц больш густа, чым зоркі на небе, - гляньце на святло вашых свечак, бо за кожнай з іх ёсць чыёсьці сэрца”(…)
Марыя, наша Маці, мы збіраемся вакол Цябе, каб у Цябе прасіць дапамогі і Табе аддаць хвалу. Радуйся, дачка Сіёна, весяліся і радуйся ад усяго сэрца” (…) “Чаму ёсць патрэба суцяшаць Марыю? Бо Яна бачыць чалавечыя сэрцы і зло, якое ёсць у іх, і, як для кожнай маці, гэта для Яе вельмі балюча”, - патлумачыў прадстаўнік Папы, дадаўшы, што “найвышэйшы знак гэтага цярпення – укрыжаваны Божы Сын”.(…)
Сёння мы паўтараем: радуйся, Марыя. Радуйся, нават калі навокал слёзы, калі працягваюцца войны, калі забіваюць людзей. Радуйся, Марыя, бо мы збіраемся тут не для таго, каб углядацца ў нашы грахі, але каб узірацца ў нашу будучыню, падораную нам смерцю Твайго Сына. Дарагія браты і сёстры, давайце сёння забудземся пра нашы грахі. Вядома, яны ёсць, але калі б Бог не ўчыніў нам сапраўды вялікія справы, мы сёння б не былі тут”.(…)
Кожнаму з нас Бог кажа: “Радуйся, трыумфуй, бо Я з вамі”. Гэта сапраўдны цуд – тое, што Бог сабраў вас тут. Папа хацеў бы быць з вамі і Папа ёсць з вамі: ён з вамі, калі вы плачаце і калі ўсміхаецеся.
(…) Бог суцяшае і вас, беларускі народ… Вы – народ, які, як Марыя, бачыў смерць Яе Сына. Гэты касцёл застаўся, і ў ім застаўся абраз, з якога Божая Маці благаслаўляе свой народ. Гэты абраз намаляваны ў сэрцы кожнага з вас, і ніхто не здолеў сцерці яго з вашых сэрцаў.
Таксама і вы стаялі пад крыжам замучанага Хрыста. Таксама і вы былі целам Хрыста ўкрыжаванага. Як на рукі Марыі было пакладзена мёртвае цела Езуса – так Яго замучанае цела лягло на рукі беларускага народа. І колькі разоў у вашай гісторыі на вашы рукі хацелі пакласці мёртвае цела Хрыста, але пасля трох дзён вы стаялі перад Хрыстом уваскрослым. (…)
Другое запрашэнне, скіраванае Богам да Марыі і таксама да беларускага народа, - не бойся, няхай не слабеюць рукі твае. Не бойся, беларускі народ, нават калі цяжка, нават калі трэба плакаць, - не бойся!
Страх – тое, што забівае нас: не канкрэтная рэчаіснасць, а страх будучыні, страх перашкаджае нашым зносінам, перашкаджае нам сустракаць адзін аднаго на вуліцах і дома, страх часта загадвае нам не казаць тое, што мы думаем, не паказваць тое, што адчуваем, страх кажа: заставайся на сваім месцы, там, дзе ты зараз.
Цярплівасць – вялікая цнота, пры ўмове, што яна не ператвараецца ў недахоп павагі да сябе. Сёння на вас спазірае Божая Маці і кажа: няхай не слабеюць вашы рукі. І ў цябе ёсць будучыня, беларускі народ, і перад табой ёсць дарога, нават калі ты яе не бачыш, - Бог падрыхтаваў гэтую дарогу для цябе. Твой Бог сярод цябе зараз у гэтай Эўхарыстыі, і заступніцтва Яго Маці таксама з табой.
Не бойся – гэта словы, скіраваныя да кожнага з вас, і іх крычаў святы Ян Павел ІІ падчас свайго Пантыфікату. Беларускі народ, не дазволь самому сабе згасіць у табе жыцця, не стань сваім уласным катам. І тады ўвесь свет, гледзячы ў вочы гэтага народа, які будзе адчуваць сябе любімым Богам, адчуе, што Бог жыве.
Арцыбіскуп Клаўдыё, Апостальскі Нунцый ў РБ,
Будслаў 2014
Крыніца: http://catholic.by