У хрысціянскай традыцыі Міхал — першы і самы галоўны сярод Анёлаў, можна сказаць, сярод анёльскіх хораў. З Сярэднявечча вядомы аповед пра тое, што калі Люцыфер паўстаў супраць Бога і падбухторыў да непадпарадкавання частку Анёлаў, ім супрацьстаяў Арханёл Міхал, які ўсклікнуў: «Хто як Бог?», абвясціўшы такім чынам вайну бунтарам. Менавіта яму было даручана сабраць вакол сябе Анёлаў, верных Богу, а пасля перамогі ён стаў праваруч Бога — на тым месцы, якое раней займаў Люцыфер.
Натхнёны Богам аўтар развівае думку, выказаную ўпершыню прарокам Захарыем, што асобы, супольнасці і народы маюць сваіх духоўных апекуноў. Першы сярод іх — Арханёл Міхал. «Аб’яўлю табе тое, што напісана ў Кнізе Праўды. Бо ніхто не можа мне паспяхова дапамагчы ў барацьбе супраць іх, акрамя вашага князя, Міхала» (Дан 12, 1). Як вынікае з кнігі Даніэля, Міхал з’яўляецца «адным з найвышэйшых князёў неба» (Дан 13, 21), а таксама «абаронцам ізраэльскага народа» (Дан 12, 1). Міхал акрамя таго праяўляе сябе як апякун выбранага народа праведных і святых — тых, чые імёны ўпісаныя ў кнігу жыцця.
Аднак найбольш вядомы тэкст пра Арханёла Міхала паходзіць з Новага Запавету, з кнігі Апакаліпсісу: «І пачалося змаганне на небе. Міхал і ягоныя Анёлы змагаліся з драконам. І выйшаў на змаганне дракон (…), але не перамог (Ап 12, 7–8). Сатане было нанесена канчатковапе паражэнне, ён страціў сваё месца ў небе і быў скінуты на зямлю. Дракон працягвае змагацца таксама і на зямлі, дзе можа карыстацца дапамогаю дзвюх бестый, з мора і з сушы: ідалапаклонніцкага валадарства (насілле) і фальшывага прарока (сімвал ідэалагічнай барацьбы і хлуслівай прапаганды). Абедзве бестыі з’яўляюцца прыладамі дракона ў змаганні з Жанчынаю — Касцёлам. Барацьба ўключае ў сябе ўсе напасці і паражэнні ад стварэння да канца свету. Каментатары лічылі, што той, хто скінуў сатану з неба, каб ён больш не быў абвінаваўцам чалавечага роду, з’яўляецца хадайнікам, гэта значыць, абаронцам народа Божага. Такім чынам, у Старым Запавеце Міхал быў абаронцам выбранага народа, а ў Новым становіцца абаронцам Касцёла.
Пасля Унебаўшэсця Пана ён цудоўным чынам прыходзіць на дапамогу верным у найцяжэйшыя хвіліны. Ужо Канстанцін Вялікі, які жыў на мяжы III i IV стагоддзяў, пасля пераможнай бітвы з язычніцтвам пабудаваў касцёл у гонар святога Міхала, у якім адбылося шмат цудоўных аздараўленняў праз заступніцтва гэтага святога Арханёла.
https://www.kasciol.by/index.php/ru/naviny/item/57-vyyava-sv-mikhala-arkhanjola-nashaj-kaplitsy#sigProGalleria97cd4e962a