Па запрашэнні кс. Андрэя і парафіянаў супольнасць наведала парафія Ўзвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, у якой наш святар выконваў пастырскае служэнне ў якасці вікарыя.
Канешне ж, да святкаванняў далучыліся і святары Магілёўскага дэканату: кс. Юрый Быкаў з Магілёўскай конкатэдры, а. Ежы Вежхоўскі з парафіі св. Антонія ў Магілёве, кс. Аляксандр Шупенька са Шклова, а. Гжэгаж Ксёнжэк з Чавусаў, кс. Павел Адамовіч з Крычаўскай парафіі, кс. Роберт Мацееўскі з Мсціслаўя, які ў свой час быў таксама адказным за нашую супольнасць. Радасць парафіяльнага свята з намі падзяліў таксама і кс. Валерый Орсік, душпастыр парафіі Беззаганнага Сэрца НПМ ў Оршы.
Ушанаваць Маці Божую ў Бялыніцкай іконе прыехалі таксама вернікі з Магілёва, Шклова і Фашчаўкі.
Перад урачыстай Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. Аляксандр Барыла, дэкан Вілейскага дэканату, адбылося прадстаўленне гістарычнага нарысу нашай парафіі, якое падрыхтавалі пры дапамозе кс. Андрэя наш міністант Станіслаў Пяткевіч і Настасся Матвеева.
Гамілію прамовіў кс. Аляксандр Шупенька, які ўзгадаў няпросты лёс Бялыніцкай іконы, і заклікаў да таго, каб мы з Найсвяцейшай Дзевы бралі прыклад, як можна і трэба трываць пры Хрысце.
У Малітве вернікаў, якую падрыхтавала Ганна Чухманава, мы маліліся як у інтэнцыях Паўсюднага Касцёла, так і ў асабістых патрэбах, а асабліва прасілі Божага благаслаўлення для далейшага развіцця нашай парафіяльнай супольнасці.
На заканчэнне святой Імшы адбыліся адмысловыя малітвы перад іконай Маці Божай Бялыніцкай, і ўпершыню залунаў над капліцай гімн парафіі – узнёслы малітоўны спеў да Маці Божай Бялынцкай, створаны паэткай і кампазітарам, бардам і адначасова арганісткай парафіі святых Сымона і св. Алены ў Мінску Марыяй Новікавай, якая з’яўляецца ўжо даўнім сябрам парафіі.
“Літвы Хрыстовай Маці-Каралева,
Пад гук мальбы-Літаніі Святой
Глядзіш на нас, Бялыніцкая Дзева
І бласлаўляеш край адвечны Твой.
Бязвер’я ноч мінула – зноў світае,
Ў народзе нашым блік жыцця не згас.
Над Магілёўскім краем сонцам ззяе
Надзеі знак – Бялыніцкі абраз.
Успомняць сцежкі пілігрымаў крокі,
Успыхне памяць у народзе зноў.
Адкажуць рэхам белыя аблокі
Званам жывым Бялыніцкіх муроў.
Літвы Хрыстовай Маці-Каралева,
Пад гук мальбы-Літаніі Святой
Зірні на нас, Бялыніцкая Дзева,
І блаславі народ адданы Твой.” – менавіта такімі словамі мы прасілі заступніцтва Багародзіцы…
На памятку аб святкаваннні кожны удзельнік атрымаў невялікі абразік Маці Божай Бялыніцкай.
А пасля духоўнай ежы мы усе разам сабраліся на сціплы, але шчыры сумесны пачастунак!
https://www.kasciol.by/index.php/ru/naviny/item/152-parafiyalnae-svyata-2014-adbylosya#sigProGalleria564a202c38