У біблейскай мове пад сэрцам прынята разумець істоту, сутнасць асобы. Паколькі “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 16), таму пашана да Сэрца Езуса з’яўляецца знакам пашаны да Божай Любові. Культ Сэрца Езуса пакліканы сфармаваць у нас жаданне пазбягаць граху, а таксама прасіць аб прабачэнні і раскаянні для закаранелых грэшнікаў. Нават тады, калі чалавек перастае любіць Бога, Бог надалей любіць грэшнага чалавека і прагне яго навяртання. Увасабленнем гэтай любові і з’яўляецца Сэрца Езуса. Каб гэтая дарога навяртання была адкрытая для нас, неабходна была ахвяра Хрыста. Культ Сэрца Збаўцы непарыўна злучаны з пашанай да ахвяры Месіі. У Сярэднявеччы вернікі, ушаноўваючы мучэнні Езуса, ахіналі пашанай прабіты бок Хрыста. Гэты культ знайшоў працяг у пакланенні Сэрцу Езуса.
Прысвячэнне чэрвеня асабліваму ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса адбылося не на пустым месцы. За шмат гадоў да гэтага адбыліся важныя аб’яўленні, якія сталі крыніцаю культу Сэрца Езуса. 16 чэрвеня 1675 г. у кляштары візітак у Парэ-лё-Маньяль у Францыі Езус Хрыстус трэці раз аб’явіўся сястры Маргарыце Марыі Алякок, калі тая малілася ў капліцы. Езус сказаў ёй: «Я хачу, каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела з гэтага часу стала асобным святам на ўшанаванне Майго Сэрца і праз святую Камунію і іншыя пабожныя практыкі была прысвечана перапрашэнню за знявагі, якія Я зношу ў той час, калі падчас актавы знаходжуся выстаўленым на алтарах. За гэта Я абяцаю табе, што Маё Сэрца спашле шчодрыя ласкі ўсім тым, хто такім чынам ушануе Маё Сэрца або будзе спрыяць пашырэнню яго ўшанавання». Святая Маргарыта Марыя Алякок і айцец Клод дэ ля Каламб’ер, езуіт, які быў спаведнікам сясцёр візітак, з таго часу пачалі рабіць усё для таго, каб выканаць просьбу Езуса.
Такім чынам, чэрвеньскае набажэнства — гэта пабожная практыка, праз якую мы выяўляем нашую падзяку за тую вялікую любоў, якой нас адорвае Езус Хрыстус. Праз гэтае набажэнства мы жадаем перапрасіць Пана Езуса за ўсе крыўды, якія Ён зносіць ад людзей, калі яны адкідваюць Яго любоў, а асабліва калі абражаецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. З аб’яўленнем Маргарыце Марыі Алякок звязана таксама традыцыя набажэнстваў першых пятніц месяца. Усім тым, хто дзевяць першых пятніц месяца запар будзе прымаць святую Камунію (безумоўна, знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі), Хрыстус абяцае даць ласку вытрываць у добрым да канца, а таксама ласку шчаслівай смерці.
Чэрвеньскае набажэнства на ўшанаванне Сэрца Езуса складаецца з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеву або прамаўлення літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэтую літанію склала сястра-візітка Жанна Мадлена Жолі. Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса сталі паўсюдна прамаўляць у касцёлах падчас жахлівай эпідэміі, якая ахапіла Марсэль у 1720 г. Дзякуючы гэтай малітве горад быў уратаваны. У 1899 г. Кангрэгацыя Абрадаў зацвердзіла тэкст літаніі, якая складаецца з 33-х просьбаў-зваротаў, што нагадваюць пра кожны з гадоў зямнога жыцця Збаўцы.
“Найглыбейшае значэнне культу ўшанавання Сэрца Езуса адкрываецца тады, калі мы ўважліва разгледзім не толькі яго ўклад у пазнанне Божай любові, але таксама — і перадусім — яго ўклад у асабістае перажыванне гэтай любові як поўнае даверу і адданасці служэнне ёй”
Бэнедыкт XVI