Перш за ўсё, сінадальнасць абазначае асаблівы стыль, які вызначае жыццё і місію Касцёла, выяўляючы яго прыроду як Божага народа, які падарожнічае разам і збіраецца на сход, скліканы Панам Езусам у моцы Святога Духа, каб абвяшчаць Евангелле. Сінадальнасць павінна выяўляцца ў звычайным ладзе жыцця і дзейнасці Касцёла.
У гэтым сэнсе сінадальнасць дазваляе ўсяму Божаму народу ісці наперад разам, слухаючы Святога Духа і Божае Слова, прымаць удзел у місіі Касцёла ў супольнасці, якую Хрыстус устанаўлівае паміж намі. У рэшце рэшт, гэты шлях сумеснай дарогі — самы эфектыўны спосаб выявіць і ўвасобіць у жыццё прыроду Касцёла як місіянерскага Божага народа, які пілігрымуе (PD, 1).
Увесь народ Божы падзяляе агульную годнасць і пакліканне праз хрост. Усе мы пакліканы ў сілу свайго хросту быць актыўнымі ўдзельнікамі жыцця Касцёла. У парафіях, невялікіх хрысціянскіх супольнасцях, свецкіх рухах, манаскіх супольнасцях і іншых формах супольнасцяў, жанчыны і мужчыны, моладзь і пажылыя людзі — мы ўсе запрошаныя слухаць адно аднаго, каб пачуць падказкі Святога Духа, які прыходзіць кіраваць нашымі чалавечымі намаганнямі, удыхаючы жыццё і жыццёвую сілу ў Касцёл і ведучы нас да больш глыбокага з’яднання для нашай місіі ў свеце. Калі Касцёл пачынае гэтае сінадальнае падарожжа, мы павінны імкнуцца абапірацца на досвед аўтэнтычнага слухання і распазнавання на шляху станаўлення такога Касцёла, якім Бог заклікае нас быць.
сінадальнасць — гэта не столькі падзея ці лозунг, колькі стыль і спосаб быцця, дзякуючы якому Касцёл перажывае сваю місію ў свеце. Місія Касцёла патрабуе ад усяго Божага народа падарожнічаць разам, прычым кожны член выконвае сваю вырашальную ролю, аб’яднаны з кожным іншым. Сінадальны Касцёл ідзе наперад у супольнасці, каб ажыццяўляць супольную місію праз удзел кожнага яго члена. Мэта гэтага сінадальнага працэсу не заключаецца ў прадстаўленні часовага або аднаразовага досведу сінадальнасці, а хутчэй у тым, каб даць магчымасць усяму Божаму народу разам вызначыць, як рухацца наперад па шляху да больш сінадальнага Касцёла ў доўгатэрміновай перспектыве.
Крыніца: ВАДЭМЭКУМ ДЛЯ СІНОДУ НА ТЭМУ СІНАДАЛЬНАСЦІ, с.7-8.