^Наверх

Воскресенье, 21 Февраль 2021 11:57

Слова біскупа Аляксандра Яшэўскага на пачатак Вялікага посту

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

У сваім Слове на пачатак Вялікага посту Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узгадвае старадаўні звычай, які быў вельмі павучальным і даносіў важную духоўную праўду.

У мінулым, калі абіралі новага Папу, цэлебравалася так званая «Імша каранацыі Папы», падчас якой ён урачыста займаў папскі трон. З сакрыстыі ватыканскай базылікі святога Пятра новаабранага Папу неслі на спецыяльных насілках па цэнтральным праходзе велічнай святыні. Аднак па дарозе да алтара працэсію тройчы спыняў цырымоніймайстар, які паказваў Папу на шасціне срэбны паднос, у якім згарала ільняная кудзеля, гаворачы пры гэтым на лаціне:

«Pater Sancte, sic transit gloria mundi — Святы Ойча, так мінае слава свету».

Гэты літургічны звычай, які ўжо стаў набыткам мінулага, насамрэч вельмі павучальны не толькі для Пантыфікаў, а для кожнага хрысціяніна. Слава ўшанавання, багацця і раскошы, якую мы можам атрымаць ці здабыць, мінае і разлятаецца, нібы дым на ветры. Калі яна дадзена нам, то толькі для ўшанавання Хрыста, і з гэтай прамінальнай славы ніхто не возьме нічога ў вечнасць. Таму, не шукаючы марнай славы, заўсёды ўзносім нашы сэрцы да Бога: «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 21).

 

Калі наш скарб — у Богу, наша сэрца заўсёды будзе з Богам і, як Ён, яно будзе вялікім, прыгожым, жывым. Калі наш скарб — толькі гэтыя ўшанаванні, якія хутка прамінаюць, багацце і раскоша, — наша сэрца будзе падобным да гэтага дыму: павярхоўным, нетрывалым, змярцвелым.

 

Абрад пасыпання галоваў попелам на пачатку Вялікага посту мае тое ж значэнне: ён нагадвае нам, як хутка мінае слава гэтага свету.

 

Сапраўды, адкуль гэты попел?

 

Узгадаем прыгожыя зялёныя галінкі, якімі мы махалі ў мінулым годзе ў трыумфальнай працэсіі на Вербную нядзелю! Год таму — каляровыя вербы, поўныя жыцця і радасці, а сёння — попел, чорны і сухі.

 

Гэтыя галінкі нагадваюць тыя, якімі махалі жыхары Ерузалема ў гонар Хрыста, калі той уваходзіў у святы горад. Што здарылася з гэтымі галінкамі: не праз год, а толькі праз пяць дзён? Яны валяліся на зямлі, растаптаныя натоўпам, які крычаў: «Няхай будзе ўкрыжаваны» (Мц 27, 23).

 

Так мінае слава гэтага свету: праз пяць дзён той, каго віталі як Караля і Месію, быў збіты, апляваны і ўкрыжаваны, як злачынца.

 

Гэты попел нагадвае нам, наколькі зямная слава прамінальная і наколькі небяспечна разлічваць толькі на яе. Папулярнасць у свеце рэдка заваёўваецца без граху, рэдка захоўваецца без ганарыстасці, рэдка губляецца без горычы. Сёння ты ўсё, заўтра ты нішто. Сёння намі захапляюцца за нашу прыгажосць, сілу, розум і ўменне прыгожа гаварыць, але прыйдуць больш прыгожыя, мацнейшыя, з больш вострым розумам ці дасціпным языком — і пра нас забудуць! Што мы тады будзем рабіць?..

 

Божае Слова заахвочвае нас да жыцця паводле праўды: не для таго, каб захапляць і прыцягваць увагу да нашай асобы, але каб рабіць тое, што праўдзівае, справядлівае і правільнае. Памятаць, што мы заўсёды пад позіркам Бога. Каб Яму спадабацца, бессэнсоўна пахваляцца рэкорднымі дасягненнямі альбо ашаламляльнымі справаздачамі. Бог любіць нас без усяго гэтага і больш за ўсё гэта: Ён просіць толькі адказу любові на Яго Любоў.

 

Дзе наш скарб, там будзе і наша сэрца.Задумаемся, дзе знаходзіцца наш скарб? У славе, якая мінае, ці ў Богу, які нас любіць?..У гэты Вялікі пост будзем жыць у праўдзе, не імкнучся перш за ўсё захапляць і падабацца. Калі мы падабаемся іншым, гэта павінна быць дасягнута без граху! Калі мы не падабаемся, гэта таксама не павінна быць наступствам граху. Адсутнасць празмернай увагі з боку іншых людзей да нашай асобы дае больш свабоды для сустрэчы з Богам.

 

Давайце ж прысвецім гэтыя святыя сорак дзён сапраўднаму посту. Пачнём з таго, што станем праводзіць больш часу ў асаблівай прысутнасці Бога: у малітве. Будзем менш імкнуцца да ўшанавання і прызнання — пост! І больш часу будзем аддаваць сябе з вольным і шчодрым духам нашым бліжнім — міласціна!

 

Няхай усе нашыя велікапосныя практыкі і малітвы будуць ахвяраваныя за нашу Айчыну і наш народ.

 

Езус кажа: «Любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць; благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць» (Лк 6, 27–28).

 

Жадаю ўсім святога посту, далёкага ад крывадушнасці і імкнення любым коштам падабацца людзям: плённага часу пошуку праўды!

Прочитано 25 раз
Другие материалы в этой категории: « Біскуп Юрый Касабуцкі пра Вялікі Пост 2021

Наведвальнікі

5167412
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
176
92
357
5160688
7389
8917
5167412
Your IP: 3.231.230.175
Server Time: 2021-04-13 20:12:30
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2021 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.