Версия для печати
Воскресенье, 21 Февраль 2021 11:52

Біскуп Юрый Касабуцкі пра Вялікі Пост 2021

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)
Разважанне Генеральнага Вікарыя Мінска-Магілёўскай архіыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, аб Вялікім Посце.
Вялікі Пост – гэта асаблівы час.
Абрад пасыпання попелам на пачатку гэтага літургічнага перыяду нагадвае нам аб тым, што жыццё чалавека на гэтым свеце часовае і хутка прамінае. “Памятай, што ты – прах і ў прах вяртаешся”, - кажа святар, пасыпаючы сімвалічна попел на нашыя галовы. Гэтыя словы заахвочваюць нас звярнуць увагу на справы вечнага жыцця і духоўныя каштоўнасці, якія нярэдка ў штодзённым жыцці пад уплывам шматлікіх справаў, заняткаў, перажыванняў і клопатаў мы забываем.
 
“Кайцеся і верце ў Евангелле”, - так гучыць другая форма словаў пры пасыпанні попелам. Гэта ўжо заклік знайсці адпаведны час, каб зрабіць рахунак сумлення, задумацца над сваім жыццём, сваімі ўчынкамі, адказаць самому сабе на пытанне, што ў маім жыцці было дрэнным, якія я раблю памылкі, можа я кагосці пакрыўдзіў і т.п., зразумець сваю слабасць і ўсведаміць сабе свае грахі. Пакаянне з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця хрысціяніна, бо гэта крок да працы над сабой, якая вядзе да дасканаласці. Другая частка заахвочвае нас умацоўваць нашу веру, нашу сувязь з Богам. Гэтаму паспрыяе большая колькасць часу, які мы прысвяцім малітве і духоўным практыкам, чытанню Бібліі і іншай духоўнай літаратуры, часцейшае наведванне кацёла для асабістай малітвы і для ўдзелу ў спецыяльных набажэнствах (Крыжовы шлях, Песні жальбы).
 
Час Вялікага посту павінен паспрыяць нашаму духоўнаму росту, зрабіць нас хоць трошкі лепшымі. Гэта час пэўнага змагання са сваімі недахопамі і слабасцямі, якое бывае нялёгкім, але калі мы зможам асягнуць хоць маленькую перамогу і стаць хоць трошкі ў чымсці лепшымі, то мэта будзе асягнута, і мы зробім крок наперад.
 
На пачатку посту мы робім (кожны паводле сваіх патрэбаў і магчымасцяў) розныя пастановы, накіраваныя на працу над сабой. Мэта такіх пастановаў наблізіць нас да Бога і зрабіць трошкі лепшымі. З гэтымі пастановамі мы злучаем пэўныя абмежаванні (устрымліваемся ад гучных вясёлых забаваў, паводле магчымасці і стану здароўя робім абмежаванні ў ежы і інш.). Без малітвы і духоўных практык, без працы над сабой, без учынкаў міласэрнасці гэтыя абмежаванні маюць невялікі сэнс. Напрыклад, абмежаванне ў ежы можа быць звычайнай дыетай, якая трошкі аздаравіць нашае цела, але для духоўнага жыцця не прынясе карысці.
 
Таму на пачатку Вялікага посту хачу пажадаць усім нам плённай працы над духоўным ростам, каб кожны з нас зрабіў хоць нават самы маленькі, але крок наперад, да міласэрнага і любячага нас Бога.
 
Асабліва ў гэтым часе заахвочваю маліцца за нашу Бацькаўшчыну і наш народ, ахвяраваць свае велікапостныя практыкі і малітвы за тых, хто церпіць пераслед і каму найбольш патрэбная Божая дапамога.
 
Няхай Хрыстос шчодра нам благаславіць і дапаможа ў гэтай добрай справе, а Багародзіца Марыя акрые плашчом сваёй апекі, каб радасць святкавання Уваскрасення Пана была для нас поўнай.
Прочитано 359 раз Последнее изменение Воскресенье, 21 Февраль 2021 11:57
Super User

Последнее от Super User

Похожие материалы (по тегу)