^Наверх

Четверг, 22 Сентябрь 2016 17:20

Свята парафіі 2016 адбылося!

Автор 
Оцените материал
(1 Голосовать)

17 верасня мы ўрачыста адсвяткавалі ўжо трэці раз нашае парафіяльнае свята, якое стала нагодай для асаблівага перажывання 10-годдзя аднаўлення каталіцкай супольнасці на Горацкай зямлі.

 

Узначаліў урачыстасць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Да супольнай малітвы далучыліся святары і вернікі з Магілёва, Шклова, Фашчаўкі, Чавусаў, Бабруйска, Глуска, Крычава, Оршы, Вілейкі, Мінску, а нават прысутнічалі госці з Польшчы.

 

IMG 0025Свята распачалося ўрачыстай святой Імшой. На пачатку Эўхарыстыі прагучала старажытная песня да Маці Божай Бялыніцкай, падрыхтаваная Марыяй Новікавай, якая шмат дапамагае нашай супольнасці ўжо не першы год. Такім чынам мы хацелі яднацца ў супольнай малітве з нашымі продкамі, якія здаўна славілі Госпада за дабрадзействы, спасыланыя праз Бялыніцкую ікону.

 

IMG 0053Прадстаўнікі парафіі гасцінна прывіталі Пастыра нашага мясцовага Касцёла.

Вітаючы ўсіх прысутных, кс. Андрэй, наш душпастыр, заклікаў усіх да супольнай малітвы. “10 гадоў адраджэння – гэта зусім не значыць, што ў нас усё ў парадку. Можна сказаць з упэўненасцю, што мы яшчэ адраджаемся, перад усім духоўна, і толькі Госпад ведае, калі гэты працэс завершыцца” заўважыў святар. “Прашу ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, аб малітве за ўсіх святароў, якія распачыналі аднаўленне горацкай парафіі і служылі тут, не заўсёды ў спрыяльных умовах. Прашу аб малітве асаблівым чынам за тых вернікаў, якія сёння прымуць сакрамэнт канфірмацыі, каб Госпад спаслаў ім неабходныя ласкі, каб умацаваў Духам Святым. Няхай гэты дзень будзе сведчаннем таго, што і тут, у Горках, можна жыць з Богам”.

 

Вельмі сімвалічным было пачутае Слова Божае, якое заклікала ўсіх удзельнікаў Літургіі да поўнай адданасці Божаму Провіду: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”.

 

IMG 0112У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся ў тым, яго візіт нечакана стаўся не зусім “афіцыйным” – ён несвядома пераблытаў час пачатку святочнай праграмы і прыехаў на гадзіну раней, у выніку патрапіў на апошнія прыгатаванні і пабачыў людзей, якія “сапраўды ідуць сюды, бо іх сюды цягне, ім тут хочацца быць, тут маліцца і тут працаваць”. “Кожную суботу Каталіцкі Касцёл успамінае Панну Марыю. Гэта знак нашай удзячнасці той, якая адыграла ключавую ролю ў збаўленні чалавецтва. Удумаемся толькі: усемагутны Бог справу збаўлення свету, які знаходзіцца ў палоне граху, абумовіў згодай чалавека, якім стала Марыя. І Яна не падвяла. Яна не паўтарыла памылкі першай нашай маці – Евы. Яна згадзілася з Божай воляй, дзякуючы чаму пачалося практычнае ажыццяўленне Божага плану збаўлення” – зазначыў арцыбіскуп.

DSC 0070Таксама мітрапаліт звярнуўся са асаблівым словам да кандыдатаў да канфірмацыі: “Сёння ў сакрамэнце канфірмацыі Ён пасылае нам Святога Духа з Яго сямю дарамі, каб учыніць нас сапраўднымі хрысціянамі, моцнымі верай, здольнымі яе бараніць і сведчыць у штодзённым жыцці. Аднак толькі самога прыняцця сакрамэнту канфірмацыі далёка не дастаткова. Можна мець вельмі добрую бібліятэку, але заставацца непісьменным, бо кнігі трэба чытаць і па іх вучыцца. Веды самі па сабе не прыйдуць. Падобна і з дзеяннем Святога Духа. Яно не будзе поўным і дастаковым, калі мы не будзем свядома з ім супрацоўнічаць і не дазволім яму дзейнічаць.”

PICT0033Пасля гаміліі адбылося ўдзяленне сакраманту канфірмацыі. Шэсць вернікаў нашай парафіі – Настасся Матвеева, Аліна Зязюліна, Яўгенія Раемская, Ганна Чухманава, Сяргей і Марыус Берасневы – урачыста вызналі сваю веру і пацвердзілі сваё жаданне ісці шляхам веры.

Падчас працэсіі з дарамі да алтара былі прынесеныя прадстаўнікамі парафіі некаторыя сімвалічныя рэчы: стула – знак святарскай улады – з просьбай аб малітве за ўсё духавенства Магілёўшчыны, асаблівым чынам аб усіх святарах, якія апекаваліся Горацкай парафіяй; алтарык Маці Божай Бялыніцкай – з малітвай за хрысціянскія сужэнствы; хлеб – сімвал працы, навукі, кожнага намагання чалавека; віно і вада – знак Божай любові.

Рымскі канон (І Эўхарыстычная Малітва) дапамог усім удзельнікам з’яднацца ў супольнай малітве, якая вякамі гучыць на зямлі і яднае ў адзін Паўсюдны Каталіцкі Касцёл.

IMG 0133На заканчэнне святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол нашай невялікай капліцы, з гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем…”

Пасля арцыбіскуп Тадэвуш асвяціў алтарык Маці Божай Бялыніцкай, які будзе наведваць сем’і Горацкай парафіі, а таксама крыжыкі, якія атрымалі парафіяне, штопрынялі сакрамант канфірмацыі.

Са словамі падзякі за дар супольнай малітвы вернікі парафіі ўручылі невялікі падарунак – святарскую стулу з выявай Маці Божай Бялыніцкай. У словах падзякі кс. Андрэй таксама падзякаваў Пастыру архідыяцэзіі: “Кс. Арцыбіскуп, Вы – гаспадар у нашай парафіі! Дзякуем за тое, што адчуваем Ваш клопат і дабрыню, і просім: не забывайцеся пра нас.”

IMG 0167Таксама кс. Андрэй падзякаваў усім удзельнікам святой Імшы. “Дзякую кожнаму, хто знайшоў сёння жаданне і магчымасць быць з намі, хто падтрымліваў і падтрымлівае нас тут, у Горках.”

IMG 0201Падмацаваныя духоўна, усе прысутныя таксама былі запрошаныя на супольны пачастунак, падчас якога мы ўсе мелі час таксама на тое, каб падзяліцца радасцю быць разам.

Ну і наступным пунктам свята стаў выступ гурта “Laudans”. Нават немаладыя вернікі паслухалі хрысціянскі рок з задавальненнем, а моладзь пакінула ў парафіяльным дворыку частку бадзёрай энергіі людзей, якія не сумняваюцца ў будучыні Касцёла.

5Дадатковым “бонусам” стала невялікая віктарына, прысвечаная гісторыі горацкай парафіі і Касцёлу на Магілёўшчыны, якую падрыхтавала Настасся Матвеева пры дапамозе кс. Андрэя. Падчас яе за кожны правільны адказ можна было атрымаць невялікі сувенір – налепку на лядоўню, прысвечанай 10-годдзю нашай парафіі.

 

Шчыра дзякуем усім, хто далучыўся да свята!

Фотарэпартаж з парафіяльнага свята будзе пададзены асобным артыкулам.

Прочитано 1416 раз Последнее изменение Четверг, 22 Сентябрь 2016 19:27

Наведвальнікі

4179424
Сёння
Учора
За тыдзень
Мінулы тыдзень
За месяц
Мінулы месяц
Усяго
1631
4114
15654
4137111
65172
103734
4179424
Your IP: 54.91.71.108
Server Time: 2019-06-20 16:42:38
Счетчик joomla

Нашы сябры

 mkby3

kkbb

rvby

3

  Copyright © 2019 Парафія Маці Божай Бялыніцкай г. Горкі  Усе правы абаронены.